«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,

газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.В.Говін.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)